BE RU EN

Расея заблакавала пастаўкі аднаго прадукту з Беларусі

  • 10.03.2025, 16:47

За пастановай стаіць Кітай, дзе гэты тавар - далікатэс.

Рассельгаснагляд папрасіў Беларусь часова спыніць выдачу сертыфікатаў, якія дазваляюць пастаўкі курыных лапак у РФ. Прычына звязана са зменамі ў правілах кантролю за мясам птушкі, якія ўвёў Кітай. Акрамя таго, у самой Расеі таксама ўзмацнілі кантроль за імпартам і вытворчасцю такой прадукцыі, піша "Зеркало".

Рассельгаснагляд звярнуўся ў кампетэнтныя органы Беларусі з просьбай прыпыніць сертыфікацыю курыных лап на тэрыторыі Расеі.

"Пастанова прынятая ў адпаведнасці з афіцыйным лістом ГТУ Кітая наконт унясення змяненняў у Пратакол аб правядзенні інспекцыйнага, каранціннага, ветэрынарнага і санітарнага кантролю наконт узаемных паставак замарожанага мяса птушкі паміж Расеяй і Кітаем і ў сувязі з узмацненнем кантролю за ўвозам у краіну і вытворчасцю прадукцыі птушкагадоўлі".

Аналагічную просьбу накіравалі ва Узбекістан.

Прасцей кажучы, гэта азначае, што курыныя лапы з Беларусі і Узбекістана часова не змогуць афіцыйна ўвозіць у Расею, пакуль тамака не разбяруцца з новымі правіламі і стандартамі якасці.

Пастанова ўваходзіць у дзеянне з 10 сакавіка.

Нагадаем, курыныя лапы Беларусь таксама пастаўляе непасрэдна ў сам Кітай. Гэтым займаецца лагістычны хаб "ДБК - Шаўковы шлях" (частка бізнэс-імперыі аднаго з паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана), які сярод іншага экспартуе мяса і субпрадукты ў Кітай і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

"Мясаперапрацоўчым прадпрыемствам мы прапануем прасоўванне іх прадукцыі на рынкі Кітая, а спажыўцам у Кітаі мы прапануем у тым ліку такія дэлікатэсы, як курыныя лапкі і ялавічныя галёнкі", - удакладняе фірма. Калі ў Беларусі гэтыя прадукты не асабліва каціруюцца ў раздробным гандлі, то ў Кітаі ўважаюцца за прэміяльныя.

Апошнія навіны