Беларусь стала галоўнай мэтай расейскіх кампаній?
- 10.03.2025, 17:02
У лютым зафіксаваны значны рост дзелавых паездак расейцаў у нашу краіну.
Беларусь і Узбекістан сталі самымі «хуткарослымі» кірункамі камандзіровак расейцаў у гэтым лютым: у параўнанні з аналагічным месяцам 2024 года кампаніі з РФ зарэзервавалі ў гэтых краінах на 60% больш гатэляў і іншых варыянтаў размяшчэння, піша «Позірк» са спасылкай на ТАСС.
Расейскае агенцтва, якое прыводзіць звесткі даследавання сэрвісу для планавання дзелавых паездак «Астравок камандзіроўкі», разам з тым адзначыла, што па колькасці рэзервавання Беларусь у лютым знаходзілася на пятым месцы, уступіўшы ААЭ, Тайланду, Кітаю і Турцыі.
У даследаванні зазначаецца, што сярэдні кошт ночы ў беларускім гатэлі за год вырас на 20% і склаў 9,3 тысячы расейскіх рублёў (амаль 104 даляры актуальным курсам ЦБ РФ. — «Позірк»).
Прыводзіцца меркаванне кіраўніцы сэрвісу «Астравок камандзіроўкі» Любові Васільевай, якая адзначыла, што «рост колькасці камандзіровак у краіны СНД заканамерны: расейскі бізнэс працягвае экспансію за межамі краіны».