Выступ Орбана сарвалі яго ж антырасейскай прамовай 18-гадовай даўніны
- 10.03.2025, 18:48
Тады чыноўнік заклікаў «не дазволіць ужо выгнаным расейцам залезці назад у акно».
Дэпутата Нацыянальнай асамблеі Вугоршчыны Акоша Хадгазі аштрафавалі на 7 млн форынтаў (прыкладна 19 тысяч даляраў) за тое, што ён сарваў выступ прэм'ер-міністра Віктара Орбана яго ж прамовай 18-гадовай даўніны.
Пра гэта паведамляе «Гордон» са спасылкай на вугорскае медыя Telex.
Як гаворыцца ў артыкуле, 24 лютага Хадгазі перапыніў выступ кіраўніка ўрада перад пачаткам пасяджэння парламента. Праз гучнагаварыцель парламентарый прайграў заяву, якую Орбан абвясціў 18 гадоў таму - гаворка ішла аб важнасці заходняй дэмакратыі. Гэты момант прыбралі з трансляцыі, але ён патрапіў у пратакол.
Як піша Telex, словы Орбана 18-гадовай даўніны цалкам разыходзяцца з цяперашняй пазіцыяй Fidesz - вугорскай правацэнтрысцкай партыі, якую ўзначальвае Орбан.
Тады чыноўнік заклікаў моладзь «не дазволіць ужо выгнаным расейцам залезці назад у акно» і не дапусціць шматпартыйнай сістэмы без дэмакратыі. Цяпер Вугоршчына з'яўляецца «самым актыўным супольнікам» краіны-агрэсаркі Расеі ў ЕЗ, дадае выданне.
Хадгазі напісаў у Facebook, што яго аштрафавалі не толькі за тое, што ён перашкодзіў выступу кіраўніка ўрада краіны, але і за ягоныя выказванні пра асамблею. Зрэшты, таму, што дэпутат называе парламент «нелегітымным лялечным тэатрам».
«Уласна, штрафу я чакаў, але абгрунтаванне мяне здзівіла. Бо мяне абвінавачваюць не толькі ва ўзнаўленні паўтарахвіліннага выступу, але і апраўдваюць гэты сямімільённы штраф тым, што я ўважаю гэты орган за нелегітымны лялечны тэатр і гадамі не выступаў ва ўстанове, якую ўзначальвае Кевер. Такім чынам, ягоны ліст з'яўляецца важным дакументам эпохі, у якім улады зафіксавалі, чаго яны чакаюць ад апазіцыі: сядзець у «парламенце» і моўчкі, з закладзенымі за спіну рукамі слухаць самую падступную хлусню. Ці, магчыма, зрэдку выступаць, але толькі з тым, што дазволіць таварыш [кіраўнік вугорскага парламента Ласла] Кевер», - мяркуе дэпутат.