BE RU EN

Жаночы прысуд

  • Ірына Халіп
  • 7.03.2025, 16:59

Мы ненавідзім дома і на працы, у бараку і ў швейным цэху.

Кожны год перад 8 сакавіка беларуская дзяржава пачынае пускаць ружовую сліну ў парыве замілавання, узнагароджваць шматдзетных маці чарговай порцыяй ордэнаў, рассылаць віншаванні па працоўных калектывах, выступаць з высокіх трыбун. То Лукашэнка што-небудзь новенькае раскажа накшталт «кожнае трэцяе дзіця - маё», то сілавікі, замкнуўшы ў шафу дубінкі і шчыты, раптам выйдуць на вуліцы з кветачкамі, то ідэалагічныя цёткі заклічуць беларусак нараджаць не менш за трох, як завяшчаў іх начальнік.

Вось і ўчора былая начальніца ідэалагічнай управы адміністрацыі Лукашэнкі Шпілеўская, за невядомыя грахі перад дзяржавай сасланая ў саюз жанчын, з усіх сіл прысаромлівала беларусак на прэс-канферэнцыі: маўляў, замуж позна выходзяць і першае дзіця нараджаюць у 30 гадоў. А гэта нікуды не варта, бо да 30 гадоў у кожнай свядомай беларускі ўжо павінна быць мінімум двое. У 30 варта нараджаць трэцяе, памятаючы наказ Лукашэнкі: каб не менш за трох дзяцей у сям'і!

Ну што ж, у палітычнай зняволенай Ганны Аблаб акурат трое - зусім як дзяржаве хацелася б. Шматдзетная маці, афіцэрка запасу, супрацоўніца чыгункі - вядучая інжынерка аддзела распрацоўкі графіка руху цягнікоў, - была схопленая ў кастрычніку 2021 года паводле "справы стачкамаў" і прысуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі за здраду дзяржаве. Той самой, якая так любіць дзяцей і шануе шматдзетных маці.

У Таццяны Беразавец з Кобрына таксама трое дзяцей. 10 жніўня 2020 года Тацяна і яе муж Вячаслаў выйшлі на акцыю пратэсту ў родным горадзе. Мужа тады затрымалі паводле адміністрацыйнай справы, а ў верасні мінулага года па іх абодвух прыйшлі ўжо з крымінальным абвінавачаннем – паводле «народнага» артыкула, за тую самую акцыю пратэсту. З таго часу Таццяна і ейны муж у СІЗА, дзеці - ва ўласнасці дзяржавы. Яшчэ ў лістападзе раённы суд Кобрына разглядаў пазоў мясцовага аддзела адукацыі да Таццяны і Вячаслава "Аб спагнанні грошай, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні". Гэта значыць, што траіх дзяцей забралі ў прытулак, а Таццяну і Вячаслава прызначаюць "завінавачанымі" ў дачыненні да дзяржавы.

Паліна Шарэнда-Панасюк расказвала мне пра такіх “завінавачаных” жанчын: у рэчыцкай калоніі для рэцыдывістак іх большасць. Схема такая: дзяцей у іх адбіраюць і абавязваюць кампенсаваць выдаткі дзяржаве. Гэтыя жанчыны становяцца прыгоннымі, бо вырвацца з такога кола немагчыма. Міліцыя адпраўляе іх на самую некваліфікаваную і цяжкую працу, а потым 70 адсоткаў з нікчэмнага заробку забірае дзяржава. І калі на руках застаецца сума, эквівалентная пачку цыгарэт і карамелек, жанчына разумее, што пражыць на гэтыя грошы немагчыма. Спачатку спрабуе, потым кідае гэтую халерную працу і спрабуе знайсці іншую. Але не паспявае - яе адпраўляюць у калонію паводле артыкула 174 - ухіленне ад кампенсацыі дзяржаве выдаткаў на ўтрыманне дзяцей. Тамака тэрміны невялікія, але пасля вызвалення ўсё пачынаецца спачатку. У рэчыцкую калонію яны вяртаюцца кожны год і да бясконцасці. Што да Таццяны Беразавец, то адправіць у СІЗА шматдзетных бацькоў за ўдзел у адной акцыі пратэсту чатырохгадовай даўніны - гэта і ёсць стаўленне ўлады да сям'і, да дзяцей, да чалавека.

У Юліі Лаптонавіч з Пружан, як у Ганны Аблаб і Таццяны Беразавец, - трое дзяцей. Яе судзілі за “карагодную справу” разам з мужам. Мужа адправілі ў калонію, Юліі далі тры гады "хатняй хіміі". А потым дашлі з ператрусам і арыштавалі за “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці”- выявілі маленечкі данат. Юлію прысудзілі да пяці гадоў, а ў канцы студзеня ўжо з калоніі прывозілі ў Берасце судзіць трэцім разам - цяпер ужо за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. За гэты час паспелі асудзіць і Юліну маці Таццяну Васільеву паводле “прадуктовай справы” - за дапамогу іншым палітвязням. Сапраўды, сумна ж шматдзетных маці саджаць за данат або карагод - давайце яшчэ і мужоў пасадзім і бабуль, хай дзеці з маленства ведаюць, хто тут галоўны.

У Надзеі Лапцёнак дзве дачкі, і сын-інвалід і тэрмін на шэсць гадоў пазбаўлення волі за каментары. У Людмілы Ліхачэўскай - трое дзяцей, тэрмін у гомельскай калоніі і муж у турме. Вікторыя Дамастой, якая, маючы трох непаўналетніх дзяцей, яшчэ ўмудралася дапамагаць палітвязням і пераводзіла ім грошы ў СІЗА, дагэтуль чакае суда – другі год у турме. А ў Наталлі Давыдулінай дзяцей і зусім пяцёра. Адзін з яе сыноў, Дзяніс, ужо пабыў палітвязнем - быў арыштаваны ў 19 гадоў, адсядзеў паўтара гады за ўдзел у пратэстах і выйшаў. А Наталля працягвала дапамагаць ужо іншым палітвязням. За гэта яе прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Звярнулі ўвагу, завошта саджаюць шматдзетных маці, пра якіх так любяць крычаць з трыбун? За дапамогу іншым, за ўдзел у страйку, за выхад на марш. Саджаюць з мужамі і сынамі, саджаюць пажадліва і вычварна. Потым расказваюць, як важна нараджаць дзяцей, — каб адабраць іх, пакуль маленькія, ці пасадзіць, калі вырастуць. І радасна равуць “жэншчыны, вы наш гонар і скарб!”.

Не равіце, не марнуйце сіл. Вас, нягоднікаў, ненавідзяць усе - шматдзетныя і бяздзетныя, замужнія і незамужнія, уцекачы і вязні. Ненавідзяць бясконца і бязмежна. Ненавідзяць дома і на працы, у бараку і ў "швейным цэху", у юнацтве і сталасці. І паверце, ліць газу на бікфордаў шнур - не найлепшая ідэя.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Апошнія навіны