У Беластоку з’явіцца рэгіянальны аэрапорт
- 9.03.2025, 20:53
Маршалак Падляшскага ваяводства распавёў пра падпісанне важнага паразумення.
Падляшскае ваяводства застаецца «белай плямай» у Польшчы, не маючы ўласнага аэрапорта. Ужо шмат гадоў ідуць працы па стварэнні аэрапорта ў беластоцкіх Крыўлянах, але пакуль што з’явілася толькі стартавая паласа працягласцю 1350 метраў, што не дазваляе тут прымаць вялікія самалёты, паведамляе «Радыё Рацыя».
Падчас адмысловай прэсавай канферэнцыі маршалак ваяводства Лукаш Пракорым распавёў пра падпісанне важнага паразумення:
– Горад Беласток у асобе мэра, ваяводства ў асобе мяне і Пані маршалак , кампаніі «Polskie Porty Lotnicze» падпісалі пагадненне, паводле якога яны абавязваюцца распачаць дзеянні, накіраваныя на стварэнне кампаніі для кіравання аэрапортам Крыўляны ў Беластоку.
Прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі звярнуў увагу, што аэрапорт будзе мець выключна рэгіянальнае значэнне:
– Мы тут, у Крэўлянах, не зацікаўлены ў будаўніцтве вялікага аэрапорта хаця б таму, што аэрапорт знаходзіцца ў горадзе. Калі б было некалькі дзясяткаў-дзясяткаў рэйсаў у дзень, яны б проста стваралі нязручнасці ў плане празмернага шуму і гэтак далей. Гэта максімум, на мой погляд, будзе тры ўзлёты, тры пасадкі, гэта значыць шэсць самалётаў, так што гэта не парушыць спакой, і ў той жа час можна будзе сцерці гэтую белую пляму авіяцыі.
Як дадаў прэзідэнт Трускаляскі, у 2026 годзе мае з“явіцца вялікі ангар для самалётаў за 55 мільёнаў злотых. Што тычыцца пытання, калі з аэрапорта на беластоцкіх Крыўлянах вылеціць першы самалёт, то канкрэтнага адказу на яго так і не прагучала.