Стан Папы Рымскага крыху палепшыўся
- 9.03.2025, 21:38
Пантыфік ідзе на папраўку пасля трох тыдняў у лякарні.
Стан здароўя Папы Рымскага Францішка, які знаходзіцца ў лякарні з пнеўманіяй ужо тры тыдні, паказвае станоўчую дынаміку. Як паведамляе прэс-служба Ватыкана, арганізм пантыфіка добра рэагуе на тэрапію.
«Клінічная карціна застаецца стабільнай, што пацвярджае эфектыўнасць лячэння. Лекары фіксуюць паступовае паляпшэнне», - гаворыцца ў паведамленні.
Лекары адзначаюць, што ў пантыфіка не назіраецца падвышэння тэмпературы, газаабмен нармалізуецца, а аналізы крыві застаюцца ў межах нормы. Нягледзячы на гэта, спецыялісты пакуль не даюць аптымістычных прагнозаў і працягваюць уважліва сачыць за станам Францішка.
У чацвер Папа ўпершыню за час шпіталізацыі звярнуўся да вернікаў, падзякаваўшы ім за падтрымку. Яго аўдыёпаведамленне на гішпанскай мове прагучала ў пачатку малебну на плошчы Святога Пятра. У той самы дзень Ватыкан паведаміў, што ягоны стан застаецца стабільным трэці дзень запар.